Atspausdinta iš e-seimas.lrs.lt

 

 

 

СОЙМ (СЕЙМАС) ЛІТОЎСКАЙ РЭСПУБЛІКІ

 

 

РЭЗАЛЮЦЫЯ

АБ СТАНОВІШЧЫ Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ

ПАСЛЯ СФАЛЬСІФІКАВАНЫХ ВЫБАРАЎ ПРЭЗІДЭНТА

 

18 жніўня 2020 г. № XIII-3281

Вільня

 

 

 

 

 

Сойм Літоўскай Рэспублікі,

падкрэсліваючы, што вынікі выбараў Прэзідэнта, што праходзілі ў Рэспубліцы Беларусь 9 жніўня 2020 г., былі сфальсіфікаваныя;

звяртаючы ўвагу, што ніводная міжнародная арганізацыя не прызнала ўсіх выбараў парламента і прэзідэнта, якія дагэтуль адбываліся ў Беларусі, свабоднымі і справядлівымі, а таксама што ў адказ на мірныя акцыі пратэсту жыхароў Беларусі, якія пачаліся адразу пасля 9 жніўня, распачалося грубае іх задушэнне, тысячы пратэстоўцаў былі арыштаваныя, параненыя, ёсць загінулыя;

нагадваючы, што ўладамі Беларусі дзесяцігоддзямі праводзіўся мэтанакіраваны ўціск дэмакратычных правоў і свабодаў выражэння думкі, а прадстаўнікі апазіцыі ў краіне часта зазнаюць арышты або пераслед у іншых выглядах;

спрыяльна ацэньваючы план урэгулявання крызісу, прадстаўлены Беларусі Прэзідэнтам Літоўскай Рэспублікі Гітанасам Наўседам для неадкладнай дээскалацыі сітуацыі і спынення прымянення грубай сілы, неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых удзельнікаў пратэсту ды спынення іх пераследу, пачатку дыялогу з боку ўладаў са сваімі грамадзянамі;

выражае ўсебаковую падтрымку рашэнню беларускага народа ствараць будучыню сваёй краіны ў адпаведнасці з прынцыпамі дэмакратыі, вяршэнства права і правоў чалавека, што забяспечыць свабоду, незалежнасць і хутчэйшае збліжэнне Беларусі з Еўрапейскім Саюзам;

звяртаецца да кіраўнікоў Літоўскай Рэспублікі, Рады Еўрапейскага Саюза, Еўрапейскай Камісіі, Еўрапейскага Парламента і да нацыянальных парламентаў і ўрадаў дзяржаў-членаў Еўрапейскага Саюза і НАТО ды:

1)   заклікае не прызнаваць вынікі выбараў, якія адбываліся ў Беларусі 9 жніўся 2020 года, а Аляксандра Лукашэнку – за законнага кіраўніка Беларусі;

2)   заахвочвае патрабаваць новых празрыстых выбараў прэзідэнта і парламента Рэспублікі Беларусь у адпаведнаці з дэмакратычнымі працэдурамі, спыніць прымяненне гвалту супраць мірных дэманстрантаў, неадкладна вызваліць усіх прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, супраць якіх выстаўляюцца абвінавачванні, забяспечыць у Беларусі свабоду друку, сходаў ды іншыя палітычныя і грамадзянскія свабоды;

3)   прапануе неадкладна сфармаваць пасярэдніцкую місію для Беларусі з боку Еўрапейскага Саюза, якая дапаможа вырашыць палітычны крызіс і ўрэгуляваць канфліктную сітуацыю;

4)   заклікае ўвесці санкцыі ў дачыненні да беларускіх службовых асобаў, якія нясуць адказнасць альбо зрабілі ўнёсак у фальсіфікацыю вынікаў выбараў прэзідэнта Беларусі, парушэнні правоў чалавека і грамадзянскіх правоў у Беларусі;

5)   прапануе зацвердзіць Агульнаеўрапейскі рэжым санкцый за парушэнні правоў чалавека, якім будуць прадугледжвацца абмежавальныя захады ў маштабе Еўрапейскага Саюза, такія як забарона на ўезд і замарозка сродкаў для асобаў за парушэнні свабодаў і правоў чалавека ды іншыя злачынствы;

6)   пабуджае актыўна падтрымліваць і аказваць прамую дапамогу беларускім няўрадавым арганізацыям і суполкам, у выпадку неабходнасці прадаставіць грамадзянам Беларусі неабходны прытулак у краінах ЕС, абмежаваць любую фінансавую і іншую падтрымку дзяржаўным органам Беларусі;

7)   заклікае правесці пазачарговае пасяджэнне Рады Еўрапейскага Саюза для абмеркавання сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку пытання аб накладанні эмбарга на ўзроўні ўсяго Еўрапейскага Саюза на электрычнасць, што вырабляецца на Беларускай АЭС у Астраўцы.

 

 

 

Старшыня Сойму                                                                              Віктарас пранцкеціс